31 сакавіка ў Мірскім замку адбудзецца адкрыццё міжнароднай выставы, прысвечанай князям Радзівілам. Мерапрыемства прымеркавана да пяцігоддзя стварэння музея «Замкавы комплекс «Мір» як самастойнай установы.

Выстава “Скарбы князёў Радзівілаў у Скарбцы Мірскага замка” з’яўляецца сумесным праектам музеяў Біржайскага краю «Села», Кедайняйскага краю, «Палаца вялікіх князёў літоўскіх»,  «Замкавага комплексу «Мір» і Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж». Канцэпцыя выставы звязана з легендарнымі асобамі эпохі XVI стагоддзя — Мікалаем Радзівілам Чорным і Мікалаем Радзівілам Рудым. На выставе ў вітрынах прадстаўлены музейныя экспанаты, якія адносяцца да дадзенай эпохі: кафлі з палацаў Радзівілаў, наканечнікі стрэл, дошкі з эпітафіямі, гравюры, манеты ВКЛ XVI ст.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае арыгінальнае выданне Брэсцкай Бібліі 1563 г. з фондаў Музея Біржайскага краю «Села». На тытульным лісце гэтага фаліянта выгравіраваны герб Радзівілаў. На першай старонцы — прысвячэнне каралю Жыгімонту Аўгусту. Усе тэксты Старога і Новага Запаветаў суправаджаюцца каментарамі і шматлікімі ілюстрацыямі. Радзівілаўская Біблія неаднаразова перавыдавалася ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, а таксама ў Расіі і Германіі. Усяго ў Брэсцкай друкарні, па дадзеных гісторыкаў, выйшлі ў свет 40 кніг на польскай і лацінскай мовах. Пры іх афармленні выкарыстоўваліся рэнесансная графіка, вытанчаны наборны арнамент, фігурная ксілаграфія, гатычны шрыфт.

Выстава “Скарбы князёў Радзівілаў у Скарбцы Мірскага замка” будзе доўжыцца да 28 мая 2016 г.

Афиша_Скарбы_князёў01