Спяшайцеся — выстава «Мастакі — Мірскаму замку. Працяг традыцый» працягнецца толькі да 13 красавіка. Пасля гэтага ўсе прадэманстраваныя творы мастацтва адбудуць у кірунку Мірскага замка — каб аздобіць залы адноўленега палаца Іллінічаў, Радзівілаў і Святаполк-Мірскіх.

Уласна, для гэтай мэты на замову Нацыянальнага мастацкага музея артэфакты і былі вырабленыя (замак з’яўляецца філіялам музея).

Выстава шматсэнсоўная. З аднаго боку, выраб копій (рэплік) старадаўніх рэчаў — крок вымушаны, бо ніводнага інтэр’еру замка не захавалася. Калі пачыналася аднаўленне, у замку не было нават перакрыццяў. Безумоўна, археалагічныя доследы далі шмат каштоўнага. Гэтага, магчыма, дастаткова для замкавага музея — і яўна недастаткова для напаўнення замка. Іншы аспект выставы — паказаць, што сённяшнія беларускія майстры здольныя ствараць рэчы не горшыя, чым майстры Радзівілаўскіх мануфактураў. Рэчы, вартыя замкаў і палацаў!

Зразумела, ёсць і іншы шлях напоўніць замак старадаўнасцю — набыць адпаведныя рэчы на еўрапейскіх аўкцыёнах. Але, як адзначыў на адкрыцці выставы пісьменнік Анатоль Бутэвіч, «аўтэнтыкі столькі не знойдзем, а калі і знойдзем, то не хопіць грошай купіць». Спадар Бутэвіч нагадаў цікавую дэталь, якую апавяла ў час мінулагодняга прыезду 92-гадовая пані Эльжбета Радзівіл. Яе бацька, уладальнік Нясвіжскага замка князь Альбрэхт Радзівіл, дужа любіў гданьскую мэблю. Аднак Радзівілы грошы лічыць умелі!.. Князь Альбрэхт купляў у Гданьску адно шыкоўнае крэсла, прывозіў сваім майстрам у Нясвіж — і яны выраблялі яму патрэбную колькасць!.. Вось яна, радзівілаўская мудрасць! Анатоль Іванавіч выказаў меркаванне, што пакінуць замак (і Мірскі, і Нясвіжскі) зусім без аўтэнтыкі нельга, але паралельны выраб такіх вось высакаякасных копій — адзін з магчымых варыянтаў.

Сярод экспанатаў выставы — графіка Яўгена Куліка, кераміка (біклага, гаршчок, рынка работы Сяргея Моўчана), рэплікі свержаньскага фаянсу — талеркі работы Алеся Косткі. Вёска Новы Свержань і сёння славіцца сваімі храмамі — касцёлам 1588 года (фундаваў Радзівіл Сіротка) і царквою 1590 года. У 1742 годзе Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька заклаў тут фаянсавую мануфактуру, вырабы якой сталі ў адзін шэраг з лепшымі еўрапейскімі аналагамі. На вялікі жаль, сёння ў Беларусі засталіся толькі адзінкавыя творы — склееныя з кавалкаў, яны захоўваюцца ў Музеі археалогіі Акадэміі навук. Цэлыя ўзоры захаваліся толькі ў Польшчы. Аднак майстар Костка аднавіў фаянс проста бліскуча!..

— Тут дэманструецца толькі малая частка будучых экспанатаў для Мірскага замка, — кажа дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір ПРАКАПЦОЎ. — Паказаныя выдатныя працы нашых мастакоў — каб кожны мог ацаніць іх высокі прафесійны ўзровень, адчуць — што сапраўды працяг традыцый ёсць, не перавяліся ў Беларусі добрыя майстры!.. Зразумела, рэчы выстаўленыя не ў замкавай архітэктурнай сітуацыі, але калі пад канец года яны будуць размешчаныя ў самім Мірскім замку — у той архітэктуры і інтэр\’ерах — вядома ж, яны будуць глядзецца зусім па-іншаму!..

Спадар Пракапцоў выказаў меркаванне, што артэфакты, паказаныя на выставе, гэта як прыклад на будучыню, для аднаўлення іншых замкаў і палацаў. Доказ, што беларускія мастакі і сёння здольныя вырабіць рэчы, якія годна аздобяць інтэр\’еры мінулых стагоддзяў.

Самыя вялікія паводле памеру экспанаты выставы — габелены. Аўтары — Уладзімір Тоўсцік, Валеры Даўгала, Генадзь Жарын. Вытканыя габелены на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кішчанкі. Самы вялікі, 3 на 4,1 метра, паказвае нам уладальнікаў замка — Юрыя Іллініча, Катажыну Радзівіл, Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіротку, Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку, Міхала Святаполк-Мірскага. Іншыя два — «Зборы на паляванне» і «Паляванне».

Адкрыццё выставы было, як і многія іншыя імпрэзы мастацкага музея, абстаўлена тэатралізавана. Старадаўнія касцюмы, якія аднавіў для замка Юры Піскун, суседнічалі са старадаўнімі строямі салістаў «Харошкаў» і чароўнай музыкай з «Полацкага сшытка».

— Гэта свята! — радаваўся дырэктар Уладзімір Пракапцоў. — Свята для аўтараў, музейных супрацоўнікаў, наведнікаў… Такія падзеі павінны адбывацца на адпаведным узроўні — і ў той жа час нефармальна і ад душы!..

Што тут казаць — спяшайцеся на свята! Уявіце, наколькі цікава вам будзе пасля пабачыць гэтыя ж экспанаты ў пяцісотгадовых сценах Мірскага замка!

Пока нет комментариев.

Leave a Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked (*).

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>